Свята першага снапа прайшло на Смаргоншчыне

14.07.2020

З традыцыйнага для беларускай зямлі абраду – “Зажынак”- пачалася ўборачная кампанія на Смаргоншчыне. Шырокае ячменнае поле, якое раскінулася паміж вёскамі Кавалі і Варакумшчына, стала месцам правядзення старадаўняга земляробчага рытуалу – зажынання першага снапа.



Зажынкі, якія ўжо не першы год праходзяць у КСУП “АграСолы”, сабралі камбайнераў і вадзіцеляў, старшынь гаспадарак і іншых гасцей. Павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва прыехалі старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, яго першы намеснік, начальнік райсяльгасупраўлення Сяргей Мядзвецкас, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзяньчук. Напачатку ўрачыстасці ўсіх прысутных павітаў Генадзь Васільевіч. Ён адзначыў, што цяперашні ўраджай у полі – гэта вынік клопату шматлікіх людзей: механізатараў, якія апрацоўвалі глебу перад сяўбой, сеялі і праводзілі мерапрыемствы па ахове раслін, работнікаў, якія рыхтавалі зерне, вадзіцеляў, якія падвозілі насенне ў поле, аграномаў, якія клапаціліся пра ўраджай. Звяртаючыся да камбайнераў, Генадзь Васільевіч адзначыў, што сёння менавіта яны галоўныя героі ўрачыстасці, і што ад іх старанняў залежыць вынік працы ўсяго калектыву.



Зладжанай работы ўсім удзельнікам жніва пажадаў Сяргей Тадэвушавіч. Ён падкрэсліў, што жніво – гэта вынік сельскагаспадарчага года. Гэту працу трэба правесці хутка і з мінімальнымі стратамі. Усяго ў раёне неабходна ўбраць амаль 19 тысяч гектараў зерневых. Задзейнічаны будуць 63 камбайны. Дарэчы, гаспадарка “АграСолы” сёлета набыла 2 новыя зернеўборачныя камбайны “Палессе”. Наогул, уся тэхніка ў гаспадарцы падрыхтавана да жніва і ёсць упэўненасць, што з-за паломак прастояў ва ўборцы не будзе.



Падчас урачыстасці камбайнерам і вадзіцелям павязалі чырвоныя стужкі і пажадалі добрых і хуткіх намалотаў. Па добрай традыцыі ўдзельнікаў жніва і іх тэхніку благаславіў і акрапіў святой вадой айцец Валянцін. Работнікі культуры падаравалі віноўнікам урачыстасці шмат добрых песень.




Ганаровае права зажаць першы сноп было прадстаўлена дырэктару гаспадаркі Вользе Лук’яненка і жанчыне са шматгадовых стажам работы ў гаспадарцы - Марыі Пагода. Першы зажаты сноп быў ўручаны кіраўніку раёна Генадзю Харужыку. Пасля абраду зажынання першага снапа камбайнеры занялі свае месцы ў кабінах падрыхтаванай тэхнікі. Жніву быў дадзены афіцыйны страт.






Комментарии (0)Просмотров (129)