- Паэт… - адказала мне аднакласніца і паказала мужчыну, які ішоў насустрач.
У 1988 годзе наша сям’я праехала ў Солы, і я пайшла ў мясцовую школу ў пяты клас. На той час я зусім не ўяўляла, дзе жывуць паэты. Думала, можа, дзе ў кніжках ці недзе ў вялікім горадзе, у Мінску хаця б. Я ўбачыла мужчыну з вельмі шырока распраўленымі плячыма і высока паднятай галавой.
Мне нават падалося, што ў яго за плячыма крылы, таксама шырока распраўленыя, і ён восьвось узмахне імі і запарыць высока над намі ў небе, як прыгожы лебедзь ці бусел. Ці Пегас.
На працягу вучобы ў школе мы, дзеці, ніколі не гутарылі з Мар’янам Мікалаевічам. Ён не прыходзіў да нас выступаць, ніяк не піярыў сябе. Я была ўпэўнена, што сапраўдныя паэты так сябе і паводзяць: пішуць і друкуюцца, жывуць у сваім свеце, паўсядзённыя клопаты іх не тычацца. А на выпускным вечары ў чэрвені 1994 года мае бацькі ся дзелі за сталом насупраць Мар’яна Мікалаевіча і пра нешта ажыўлена гаварылі. Я так здзівілася, бо ведала, што ні тата, ні мама асабліва не цікавіліся паэзіяй. “Тады пра што можна гаварыць з паэтам?” – думала тая, якая збіралася паступаць на філалагічны факультэт. І я тады не вытрымала і падышла да бацькоў.
- Якая ў цябе, Галя, арыгінальная сукенка, - першае, што пачула ад Мар’яна Мікалаевіча.
Вось чаго не спадзявалася, дык таго, што паэт пахваліць маю сукенку. Мне хацелася прызнацца, што яе пашыла мама па маім эскізе, але не хапіла смеласці.
У той год і Саша Дукса, і я паступілі ў БДУ. Я - на філфак, Саша – на мехмат. І жылі мы ў адным студэнцкім інтэрнаце. З Мар’янам Мікалаевічам мы даволі часта бачыліся на чыгуначным вакзале – бацькі заўсёды праважалі нас у Мінск. Мар’ян Мікалевіч цікавіўся маёй вучобай, расказваў пра сябе.
Яшчэ больш нас зблізіла мая работа ў газеце. Неяк ён прапанаваў мне пісаць у рэлігійны каталіцкі часопіс “Авэ Марыя”, дзе ён нярэдка друкаваў свае вершы. І я пачала пісаць на тэмы, на якія дагэтуль ніколі не пісала, з дзясятак матэрыялаў былі надрукаваны. У “Светлы шлях” Мар’ян Мікалаевіч часта прыносіў свае самыя свежыя творы. Ён вельмі дружыў з Іванам Іванавічам Лазутам. Мне здаецца, яны былі на адной хвалі. Блізкія па ўзросце. Абодва інтэлігентныя, эрудыраваныя, разважлівыя, глыбокія, культурныя, высокадухоўныя. З нашай журналісткай і паэткай Алай Клемянок меў таксама шмат агульнага. У акружэнні такіх творчых людзей я адчувала сябе вельмі камфортна.
Мар’ян Мікалаевіч часам спагадаў нам, рэгіянальным журналістам: “Як няпроста працаваць у “раёнцы”. Гэта з рэспубліканскіх СМІ прыехаў журналіст, паехаў, напісаў, і ўсё з ім паехала. А з “раёнкі” - журналіст застаецца і прадаўжае жыць між людзей. Вельмі адказная праца”.
Мар’ян Дукса быў глыбока веруючым чалавекам. Каталіком. Спяваў у касцельным хоры. Яго паэзія, асабліва апошняга часу, была прасякнута рэлігійнай тэматыкай. “Я настойліва сцвярджаю, што паэзія – гэта своеасаблівая пропаведзь – палітычная, сацыяльная, рэлігійная, маральная, эстэтычная, пропаведзь заўсёды гуманістычная па сваёй сутнасці. Пропаведзь, дадзеная Богам”, - пісаў Мар’ян Мікалаевіч.
У 2015 годзе ў паэта выйшаў чарговы (апошні пры жыцці) зборнік вершаў “Птушка вечнасці – душа”. “Паэт жыве ў Солах Смаргонскага раёна, удалечыні ад сталічнай мітусні. Напэўна, гэта яго добраахвотны выбар – адзінота і адасобленасць, што, аднак, не замінае заставацца ў добрай творчай форме, - удакладніла беларуская пісьменніца, журналістка і літаратурны крытык Ірына Шатыронак.
- Зададзены лейтматыў – птушка-душа – праходзіць не толькі праз новую кнігу Мар’яна Дуксы, але і праз усю яго творчасць, застаецца ў сэрцы чытача і ў айчыннай літаратуры. Птушка-душа – асаблівы вітальны знак. Душа лунае, замірае, сумуе і чакае вяртання дадому – у нябесныя далі”.
Мар’ян Мікалаевіч адышоў у Вечнасць у Вялікую пятніцу. Яго птушка-душа накіравалася ў свой Вечны дом.
…Мінулым летам мы са смаргонскай паэткай Таняй Скарынкінай, даведаўшыся, што Мар’ян Мікалаевіч ляжыць у кардыялагічным аддзяленні бальніцы, вырашылі яго праведаць. Мы былі рады, што ён пайшоў на папраўку, выглядаў вельмі свежа ў сваёй бялюткай футболцы і спартыўных штанах. Наша сустрэча была надзвычай эмацыянальнай і пазітыўнай. На жаль, гэта была апошняя сустрэча, калі мы маглі добра нагаварыцца.
Ёсць людзі, якіх ты асабліва цэніш. І нават калі ты бачышся з імі нячаста, але нешта пра іх чуеш, чытаеш, ведаеш, што яны жывыя – гэта думка цябе грэе. Калі такія неверагодныя людзі адыходзяць, здаецца, частка ад цябе адрываецца.
P. S. Калі мы прыйшлі развітацца з паэтам, сын Саша ў прыватнай размове заўважыў: “Трэба сайт для бацькі зрабіць…” Саша, абавязкова зрабі.