Вершы Дукса Мар'яна - Апошнія водгукі 4-6

06.08.2017

        «Тытанік»

О, як гвалтоўна мы яго згубілі,
закінуўшы ў салёную пасцель...
На чорным дне, ва ўсемагутным іле
спіць самы грандыёзны карабель.

He варухнецца больш каркас вялікі,
наўрад ён ці ўсплыве наверх, як кіт,
усёй абшыўкай увабраўшы крыкі,
бяссільны енк, апошні плач наўзрыд.

Хто выцягне яго на бераг плыткі?
Калі ж выратавальніка свайго
убачыць ён і залатыя зліткі,
што, кажуць, ёсць у чэраве яго?

Прыплыў той ноччу айсберг кантрабандай
сюды — ў цяплейшых водах пагасціць...
Усё-ткі за расслабленасць каманды
якой цаной прыйшлося заплаціць!

Настала непазбежная расплата —
прычыннай гібель бачыцца здаля...
А раптам не на айсберг — на вар'ята
наткнешся ты, любімая Зямля?

Уздымуцца ўгару агонь і сажа,
заб'ецца акіян з апошніх сіл.
I ў рэшце рэшт усё жывое ляжа
калі не ў іл, дык у касмічны пыл.

Пакуль яшчэ так сонечна ў зеніце,
пакуль спяваюць птушкі на галлі,
глядзіце, людзі, навакол глядзіце,
ці так плыве наш карабель Зямлі.



Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/%C2%ABtytynik%C2%BB

            Адзіная...

Адзіная... На ўсёй зямлі адзіная.
Яна, як радасць у салодкім сне,
З'яўляецца і мроіцца гадзінамі,
Калі начуе месяц на акне.

Хто чуў яе крынічную гамонку
Ці, можа, бачыў хто адзіны след.
3 якіх лугоў духмяныя рамонкі
Яна сабе збірае ў букет?

Адзіная... Далёкая і дзіўная,
Прыдуманая намі ў галаве,
Яна таксама марыць пра адзінага,
Ды хто нам скажа, дзе яна жыве.

Шукаем... Нетаропкія ў часе,
Спалохаемся раптам, а калі...
А што калі памылка адбылася,
Страшэнная памылка на зямлі.

Ніхто не скажа...
А на сэрцы горыч.
А вы пільней прыгледзьцеся тады
Адзіная...
А можа яна побач,
А мы шукаем цэлыя гады.

Памылка, хоць і жорсткая,
Звычайная,
Што ў жыцці здараецца не раз:
Яна чакала доўга і адчайна,
Але не дачакала вас.

Спазніцца можна на адну гадзіну,
Спяшайцеся!
А то на горкі здзек
Адзіную, харошую, адзіную
Сустрэне выпадковы чалавек.

Апакаліпсіс

Кіпеў акіян.
Звар'яцелыя хвалі,
як цацку, падкідвалі лайнер турысцкі...
Да воблакаў з гулам густым узляталі
салёныя пырскі.

I квола трашчалі заклёпкі і гайкі —
выдатны метал стаў падатліва-ломкім.
На тысячы міляў ні шхуны, ні чайкі —
абломкі,
абломкі...

Як лютая бура, знямогшыся, спала
і сціхла яе нечуваная глотка,
з дрымучых глыбіняў наверх усплывала
падводная лодка.

Нядаўна шпурляла са дна акіяна
свае мегатоны у свет шматгалосы...
I грукала сэрца ў грудзях капітана:
убачыць нябёсы!

Ірвала на часткі душу утрапенне,
халоднай расой пакрывалася цела.
Высокае сонца,
бы ў часе зацьмення,
у мораку тлела.

Ахутаў удушлівы попел бязмежжа.
Дзе дзеліся ў гавані роднай усмешкі?
Нікога, нічога...
На ўсім узбярэжжы
адны галавешкі.

Рассыпаўся прысак на месцы ўчарашнім,
ніхто не чакае, не любіць, не кліча.
Варожым было і да жудасці страшным
зямное аблічча.

Замёршы, падводная лодка стаяла.
Было ў яе, мусіць, адзінае выйсце:
у чорную прорву, забыўшы прычалы,
нырнуць — і не ўсплысці...
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/apakalipsis


Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/adzinaya

Комментарии (0)Просмотров (5566)