З уступным словам перад прысутнымі выступіла дырэктар КСУП “Агра-Солы” Вольга Лук’яненка. Яна адзначыла, што пры надойванні ў гаспадарцы каля 7 тысяч літраў малака на адну карову трэба пастаянна думаць аб добрай кармавой базе. І хаця ўвага надаецца вырошчванню люцэрны, травяных кармоў, асноўнай культурай па-ранейшаму застаецца ўсё ж кукуруза.
У гаспадарцы вырошчваюць больш за 15 гібрыдаў гэтай культуры французскай, украінскай і беларускай селекцыі. Кукуруза была пасеяна вясною на плошчы 1200 гектараў. На ўсіх палях праводзіліся доследы па кожнаму гібрыду. “ І трэба адзначыць, што вынікі атрымаліся нядрэнныя, паколькі гэты год – кукурузны, - сказала Вольга Іванаўна. - Але асаблівы, і розныя гібрыды кукурузы паводзілі сябе па-рознаму. Некаторыя з іх паспелі раней тэрміну, але цяпер амаль усе, ад ранніх да позніх гібрыдаў кукурузы, якія знаходзяцца на палях, практычна гатовы да ўборкі”.
Удзельнікі семінара аглядаюць кукурузу.
Аб кукурузе расказвае прадстаўнік фірмы “Сінгента”.
Прадстаўніца “Салвэй Лімітэд” звяртае ўвагу прысутных на гібрыды кукурузы, насенне якой пастаўляе гэта фірма.
Удзельнікі семінара аглядаюць кукурузу.
Дырэктар КСУП “Агра-Солы” Вольга Лук’яненка з кукурузнымі пачаткамі.
На думку кіраўніка гаспадаркі, нягледзячы на сёлетняе спякотнае лета з рэдкімі дажджамі, пры добрай агратэхніцы ўраджайнасць будзе каля 500 ц/га. Кукуруза вырасла лепшая, чым у мінулыя гады. Але па вазе лягчэйшая, бо адбылося падсыханне ніжніх лісцяў, што паўплывае на якасць корму. А вось зерне апраўдала надзеі спецыялістаў агранамічнай службы. Яго таксама неабходна выкарыстоўваць у рацыёне дойнага статку для атрымання прыбаўкі малака, паколькі ў зерні захоўваецца больш пажыўных рэчываў. Аднак калі яно не раздроблена, то карысці ад яго выкарыстання мала. Таму вялікае значэнне мае тэхналогія ўборкі кукурузы.
У КСУП “Агра-Солы” на кормаўборачных камбайнах памянялі ўсе барабаны для здрабнення кукурузнага зерня. На ўборцы гэтай культуры працуюць тры кормаўборачныя камбайны, за штурваламі якіх знаходзяцца старанныя механізатары Віталь Феліў, Міхаіл Мажэйка і Віталь Стурліс. На падвозцы задзейнічаны 12-14 адзінак грузавой тэхнікі.
У гаспадарцы ўжо ўбрана значная частка кукурузы. Да канца гэтага месяца тут плануюць скончыць уборачныя работы. І, як адзначыла Вольга Лук’яненка, сёлета гаспадарка будзе з кармамі. Для іх закладкі ёсць сіласныя траншэі. На запаўненне кожнай з іх вызначаны два дні. У адваротным выпадку пагаршаецца якасць корму.
Трэба адзначыць, што ў “Агра-Солах” сіласныя траншэі пабудавалі значна раней указання кіраўніка краіны аб тым, каб у кожнай гаспадарцы былі належныя ўмовы для захоўвання кансерваваных кармоў.