Менавіта ў гэты святочны дзень нас, 30 акцябрат, вучняў чацвёртых класаў, прынялі ў піянеры. У нашым жыцці адбылася важная падзея – мы сталі на прыступку вышэй у сваіх справах і намерах, мы ўступілі ў рады ГА “БРПА”.
З дрыгатой у голасе былі вымаўлены словы клятвы: “Я … уступаючы ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі сябрамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым, заўсёды прытрымлівацца Статуту і традыцый БРПА!”.
Даючы клятву, шчыра верыла, што, стаўшы піянерам, змагу яшчэ больш зрабіць добрых учынкаў, заўсёды буду паступаць сумленна, дапамагаць старэйшым, і, нарэшце, збудзецца мая мара – я стану важатай у акцябрат! І вось наступае ўрачыстая хвіліна: да кожнага з нас падыходзяць важатыя і павязваюць на шыі зялёна-чырвоны гальштук – знак прыналежнасці да арганізацыі. А сэрца гатова выскачыць з грудзей ад хвалявання і ад гонару не толькі за сябе, але і за сваіх сяброў! Здаецца, мы сталі больш дарослымі і сур’ёзнымі.
З пачуццём вялікай годнасці мы ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам, які знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка Солы.
Мы зрабілі ў сваім жыцці вельмі важны крок, бо піянер – гэта дружба, надзейнасць, вернасць, шчырасць, цвёрдасць слова. Наперадзе нас чакаюць новыя вяршыні. Мы ведаем, што піянер – заўсёды першы ў добрых справах.
Жадаю вам, мае аднакласнікі, заставацца такімі ж актыўнымі, працавітымі, гэтак жа любіць сваю Радзіму і рабіць усё для таго, каб яна была квітнеючай, незалежнай, мірнай і шчаслівай!