Солы: кожная сям’я тут шчаслівая па-свойму

21.04.2019
Паміж смаргонскім Залессем, дзе ствараў неўміручыя паланэзы Міхал Клеафас Агінскі, багатымі на гістарычныя падзеі Гальшанамі і Крэвам уздоўж рэчкі Ашмянкі выцягнуліся вуліцы аграгарадка Солы. 

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў дакументах ХVІ стагоддзя як шляхецкая ўласнасць Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Тутэйшыя ў асноўным займаліся сельскай гаспадаркай. Ваенныя падзеі Сярэднявечча закранулі мястэчка, размешчанае на ажыўленым шляху. 

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Солы сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя тут былі змураваны гатычны касцёл, сінагога. Дзейнічалі карчма, вінакурны завод, пошта, тэлеграф, народнае вучылішча, лекарскі ўчастак. 

Завяршэнне будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі ў канцы пазамінулага стагоддзя паскорыла развіццё мястэчка. Адкрылася чыгуначная станцыя. Непадалёку ад Солаў, у фальварку Кушляны, нарадзіўся і вырас вядомы беларускі літаратар Францішак Багушэвіч. 

Солы ўвайшлі ў гісторыю рэвалюцыйных падзей на пачатку мінулага стагоддзя. У снежні 1917-га прадстаўнікі другой, трэцяй і дзясятай армій на чале з шараговым Салігаліцкага палка 81-й пяхотнай дывізіі бальшавіком Шчукіным тут падпісалі перамір’е з немцамі. На два месяцы спыніліся баявыя дзеянні на фронце ад Відзаў да Прыпяцкай нізіны. Праз дзесяць дзён пасля гэтай дамовы было падпісана гістарычнае Брэсцкае перамір’е.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Солы адышлі да буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР статус мястэчка змянілі на вёску, якая стала цэнтрам калгаса і сельсавета, а сёння гэта аграгарадок Смаргонскага раёна.


Зручней стала дабірацца ў смаргонскія Солы пасля электрыфікацыі чыгункі Маладзечна — Гудагай. Некалькі разоў на дзень курсіруюць электрычкі. Раніцай са сталічнага вакзала адправіўся ў чарговую вандроўку і праз тры гадзіны разам з дзясяткам пасажыраў крочыў па пероне чыгуначнай станцыі Солы. Амаль паўтара стагоддзі таму тут прайшлі першыя паязды. Уражвае сучасны белакаменны будынак вакзала. Побач кафэ з арыгінальнай назвай «Разнасолы». На выцягнутай да цэнтра амаль на кіламетр вуліцы ажыўлены транспартны рух. Аграгарадок перасякае аўтатраса са Смаргоні на Астравец.

З падворкаў вокнамі пазіраюць на ажыўленую шырокую вуліцу мураваныя ў перамежку з драўлянымі дамы, двухпавярховыя катэджы. Першай зелянінай красуюць палісаднікі. Па суседстве з упрыгожаным да Велікоднага набажэнства гатычным касцёлам Маці Божай Ружанцовай, ладна змураваным з абчасаных валуноў, двухпавярховы адміністрацыйны будынак. Пад адным дахам — сельвыканкам і кантора КСУП «Агра-Солы». Вакол засаджанай дрэвамі плошчы — Дом культуры, аддзяленне паштовай сувязі, філіял банка, магазіны. У розныя бакі разыходзяцца некалькі вуліц.

Старшыня сельвыканкама Міхаіл Мірскі, з якім адправіліся вандраваць па аграгарадку, адзначыў, што пераважная большасць мясцовых жыхароў — каталікі. У згодзе вякамі жывуць тут прадстаўнікі дзвюх хрысціянскіх канфесій. Многія сем’і змешаныя. Святы адзначаюць разам. Сёлета каталіцкі Вялікдзень супаў з праваслаўнай Вербнай нядзеляй. Па завядзёнцы гаспадары вяндлілі прысмакі, рыхтавалі пачастункі да святочнага стала. Спяшаліся пасеяць раннюю гародніну. Наведзены парадак на падворках, вуліцах. 


                    Старшыня сельвыканкама Міхаіл МІРСКІ і рабочы птушкафабрыкі Пётр ГРОН
Некалькі гадоў таму пустуючы будынак былой яўрэйскай сінагогі пераабсталяваны ў праваслаўную царкву Святых царскіх пакутнікаў. Узводзяцца ў Солах новыя дамы. Нядаўна чатыры сям’і справілі наваселле ў двухпавярховым доме. Сёлета плануецца закласці падмурак яшчэ аднаго чатырохкватэрнага дома. Аграгарадком будучага называе Солы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Божыдай. Тут плануецца пашыраць птушкафабрыку. Побач з ёю пабудаваны малочна-таварны комплекс на 777 кароў. 

Адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны КСУП «Агра-Солы». Паўтара дзе- сяцігоддзі кіруе калектывам Вольга Лук’яненка. Сучасныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, высокатэхнічнае забеспячэнне, умела арга-нізаваны вытворчы працэс гарантуюць пастаянны поспех і стабільнасць. За сваю больш як паўвекавую гісторыю солаўская гаспадарка заўжды высока трымала планку па ўсіх вытворчых паказчыках. Працаваць у гэтым калектыве прэстыжна з першых гадоў яго стварэння. Больш як 30 гадоў эканамічнай службай гаспадаркі кіруе Ірына Грышан, з якою сустрэліся ў яе кабінеце. У Солах жылі і працавалі на зямлі яе продкі. Пасля заканчэння Ашмянскага сельгастэхнікума яна вярнулася дамоў. Выйшла замуж. Агароднінасушыльны камбінат, дзе працаваў муж, выдзеліў маладой сям’і кватэру. Вышэйшую эканамічную адукацыю Ірына Чэславаўна атрымала ў Калінінградскім сельгасінстытуце. 

Не зазіраючы ў камп’ютар, Ірына Грышан па памяці называла статыстычныя даныя, што характарызуюць гаспадарчую дзейнасць КСУП «Агра-Солы». Летась сярэдні заробак у калектыве перавысіў тысячу рублёў, а ў механізатараў — амаль паўтары тысячы. Асноўны прыбытак дае жывёлагадоўля. У гаспадарцы амаль 2500 кароў. Усяго буйной рагатай жывёлы каля 7500 галоў. За мінулы год сярэдні надой ад каровы — 6800 кілаграмаў. Рэнтабельнасць малака перавышае 30 працэнтаў. Амаль усё яно пастаўляецца сортам экстра ў Смаргонскі філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы завод». На дзвюх фермах утрымліваюцца кормнікі. Сутачныя прывагі перавышаюць 700 грамаў. 


                                           Кухары КСУП «Агра-Солы» Дзіяна МІНДЗЮКЕВІЧ і Марыя ПАГОДА.

У сельгаспрадпрыемстве хапае механізатараў і жывёлаводаў. Штогод абнаўляецца машынна-трактарны парк. Пасля заканчэння Солаўскай сярэдняй школы папоўнілі атрад механізатараў Валерый Крупнік, Пятро Пятроўскі, Павел Усціновіч. Жывёлаводамі сталі Таццяна Вішнеўская і Таццяна Сталярова. Шафёрам на МАЗе працуе сын галоўнага эканаміста Дзмітрый Грышан. Сам збудаваў дом для сям’і. З жонкаю Ірынай выхоўваюць траіх дзяцей. 

Пасля сустрэчы ў канторы гаспадаркі са старшынёю сельвыканкама прайшліся па цэнтры аграгарадка. На плошчы статная кабета гандлявала саджанцамі. Некалькі садовых дрэўцаў набыў малады гаспадар Пятро Грон. Працуе ён на птушкафабрыцы. Вырашыў абнавіць дзедаў сад. 

З дзіцячым вазком прагульвалася па скверы маладзіца. Пагутарылі з ёю. Вераніка Былінская — ужо двойчы маці. Акрамя сыночка, што дапытліва пазіраў з вазка, ёсць і трохмесячная дачушка. Муж Дзмітрый Анатольевіч — шафёр у КСУП «Агра-Солы». Ад гаспадаркі атрымалі новы катэдж з прысядзібным участкам. 


 

                                                   Гаспадары падворка Таццяна і Мар’ян УРБАНОВІЧЫ і іх дачка Настасся.


                                                                                           Солаўскія школьнікі.

Многія маладыя сем’і ў Солах бяруць зямельныя надзелы пад забудову. Напрыклад, шматдзетная сям’я Таццяны і Мар’яна Урбановічаў, на падворак да якіх завіталі. Нас сустрэла Таццяна Уладзіміраўна. Гаспадар паіў карову. Каля аўтамабіля ўвіхаўся старэйшы сын Юрый. На ганак выйшла малодшая дачка Настасся. Яшчэ тры старэйшыя дачкі ў Урбановічаў. З дзяржаўнай падтрымкай узвялі катэдж у вёсцы Івашкаўцы, што прымыкае да аграгарадка. Гаспадыня працуе на птушкафабрыцы, а Мар’ян Міхайлавіч — на Смаргонскім трактарным заводзе. Дзеці дапамагаюць па хатняй гаспадарцы. Каля дома — вялікі прысядзібны агарод, і ў полі будуць саджаць бульбу. Трымаюць дзве каровы і цялушачку, некалькі свіней, розную птушку. Далёка не на кожным вясковым падворку цяпер убачыш карову. Некаторыя вяскоўцы замест іх сталі разводзіць коз. 

У час вандроўкі не атрымалася сустрэцца з дырэктарам КСУП «Агра-Солы» Вольгай Лук’яненка. Гаспадарка вялікая — звыш 8000 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 5000 — ворыва. Восенню засеялі амаль 2 тысячы гектараў азімымі зерневымі і вясною 2,5 тысячы гектараў занялі збожжавыя. Механізатары завяршылі ўжо сяўбу цукровых буракоў. Зараз шчыруюць на кукурузных плантацыях. Безумоўна, клопатаў у кіраўніка вясною асабліва шмат. Амаль 2,5 сотні працаўнікоў у гаспадарцы. Механізатары, што занятыя на палявых работах, забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Абеды ў кафэ сельгаспрадпрыемства гатуюць кухары Марыя Пагода і Дзіяна Міндзюкевіч.


                                    Бібліятэкар Галіна НІКІЦІНА і юная чытачка Настасся ДЗМІТРУК.
Выязджаюць да хлебаробаў у поле і самадзейныя артысты, з якімі сустрэліся ў Доме культуры. Дзейнічае аматарскае аб’яднанне «Хрысціянскія песні». У канцы вясны ў райцэнтры па традыцыі ладзіцца свята «Смаргонскія абаранкі». Мастацкі кіраўнік Таццяна Дзмітрук заклапочана распрацоўкай на гэтым свяце імпрэзаванай пляцоўкі «Арцель у Мартынавым садзе». Беларускую культуру яна раскрывае для сябе. Родам з суседняй Украіны. Тры гады таму пераехала з сям’ёю з Данецкай вобласці. Муж Аляксандр Пятровіч пайшоў даглядаць жывёлу на ферму. Ад гаспадаркі атрымалі трохпакаёвую кватэру. Дачушка Настасся ходзіць у дзіцячы садзік. Прыязджала адведваць маці. Аграгарадок і жыхары сагрэлі ёй сэрца. Пяць украінскіх сямей прынялі Солы. Пасля распаду былой вялікай краіны перабраліся сюды з Казахстана дзве сям’і Ванбейргераў. Перасяленцы атрымалі жыллё. Ёсць занятак. І людзі тут прыветлівыя.

Памятаю, як запала ў сэрца сустрэча з землякамі слыннага Францішка Багушэвіча. У аграгарадку Кушляны, што ў 8 кіламетрах ад Солаў, на высокім пагорку стаіць Дом-музей літаратара. Сярод экспанатаў — эксклюзіўная мэбля, якою карысталася сям’я Багушэвічаў, шматлікія гістарычныя дакументы, звязаныя з жыццём геніяльнага земляка. Крыху воддаль ад сядзібнага дома гаспадарчыя пабудовы, студня з «жураўлём». Ад падворка пачынаецца алея з векавымі дрэвамі, якія чулі голас Францішка Багушэвіча. Кранулі душу спевы галасістых кабет з вёскі Валейкавічы.


                Самадзейныя артысты Дома культуры Юлія РЭШКЕВІЧ, Аляксандр ХВАСЦЕНКА і Таццяна ДЗМІТРУК.

Круглы год едуць сюды турысты не толькі з Беларусі. Ёсць што ўбачыць у гэтым куточку Смаргоншчыны. У мураваным касцёле захаваўся арыгінальны арган. Упрыгожвае каталіцкі храм і вобраз Маці Вострабрамскай — ахоўніцы зямлі беларускай. Разам са сталічнымі турыстамі цікава было паслухаць экскурсавода Антона Астаповіча. Бывалі ў Солах Францішак Багушэвіч і Міхал Клеафас Агінскі і іншыя вядомыя асобы.


                Экскурсію для сталічных турыстаў па касцёле Маці Божай Ружанцовай вядзе Антон АСТАПОВІЧ.

На дзве часткі падзяляе аграгарадок невялікая рачулка Ашмянка. Берагам яе праехалі са старшынёю сельвыканкама да саджалак рыбгаса, які зараз адраджаецца. Узначаліла калектыў рыбаводаў Марыя Бурак. Пакуль ехалі, Міхаіл Мірскі падзяліўся думкамі пра добраўпарадкаванне рачнога пляжа. Сельвыканкам выйграў грант на абуладжванне стаянкі для водных турыстаў на рацэ Ашмянцы, якая нясе свае воды да ракі Віліі. Плануецца сёлета пабудаваць артэзіянскую свідравіну і запусціць абсталяванне па абезжалезванні вады. Традыцыяй стала ў Солах напрыканцы лета ладзіць свой фэст пад назваю «Аграгарадок шчаслівых людзей». Летась званнем «шчаслівай сям’і» ўганараваны сем маладых пар. Сёлетняе свята назаве новыя імёны. Жыць у такім цудоўным аграгарадку — сапраўднае шчасце.
Комментарии (0)Просмотров (12417)