“Добрыя людзі – галоўнае багацце”. 90-гадовы юбілей адзначае Вера Ядзевіч

27.04.2022


“І каб не было вайны”, - гэты выраз я чую кожны дзень ад Веры Іосіфаўны, - кажа Яўгенія Слаўнікава, загадчыца Сольскай аптэкай. – Больш за 20 гадоў мы адпрацавалі разам. Вера Іосіфаўна была санітаркай у аптэцы, але мы сталі настолькі блізкімі, што магу сказаць, што яна для мяне – другая маці. Жанчына надзвычай сціплая і добрая. Я прыехала ў Солы, дзе ў мяне не было радні. Уладкавалася на працу, калі майму сыну было толькі сем месяцаў. Вера Іосіфаўна дапамагала гадаваць і малога, і старэйшую дачку”.



Працоўны стаж Веры Ядзевіч – 46 гадоў. Дзесяць з іх яна адшчыравала ў калгасе, а 36 – у аптэцы. Нават на пенсіі доўгі час працавала. 

Напярэдадні Вялікадня, 13 красавіка, Вера Іосіфаўна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. З гэтай нагоды да яе завіталі з падарункамі і кветкамі госці са Смаргоні – старшыня цэхавага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП “Фармацыя” Ганна Станкевіч і старшыня ветэранскай арганізацыі Цэнтральнай раённай аптэкі г. Смаргоні Вера Чапёлкіна. Да іх далучыліся і цяперашнія супрацоўнікі аптэкі Яўгенія Слаўнікава і Галіна Сялюк.


Госці не пераставалі захапляцца мужнасцю і сілай волі юбіляркі. Чатыры гады таму яна зламала шыйку сцягна. Зрабілі аперацыю – і праз два месяцы Вера Іосіфаўна пайшла. “Гэта Алег, сын мой, увесь час гаварыў: “Мама, падымайся!”. І паднялася. Сама дзіўлюся: “Як  сілы Бог даў! Іншыя ж – ляжаць, а я хаджу, - усміхаецца бабулька і расказвае пра сваё жыццё-быццё. – Жыву адна, сын з нявесткай клікалі да сябе ў горад, але я сваю хату кідаць не хачу. Родныя сцены – самыя лепшыя. Без увагі не бываю, сын з нявесткай часта прыязджаюць, дзяўчаты з аптэкі не забываюць, Жэнечка дык кожны дзень заходзіць. Я шчаслівы чалавек, вакол мяне – добрыя людзі. Яны – маё галоўнае багацце”.

Комментарии (0)Просмотров (6206)