У Смаргонскім раёне прайшоў абласны дзень аховы працы

27.11.2016
У мінулы чацвер у раёне быў праведзены абласны дзень аховы працы, увага надавалася выкананню патрабаванняў бяспекі падчас рамонту і абслугоўвання транспартных сродкаў. Прычым найбольш у сельскай гаспадарцы, бо там апошнім часам склалася трывожная сітуацыя, зарэгістраваны выпадкі траўматызму. Гэтаму садзейнічалі грубае парушэнне работнікамі інструкцый па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, адсутнасць належнага кантролю з боку службовых асоб, нездавальняючая арганізацыя вытворчасці работ і г. д.



Падчас правядзення абласнога дня аховы працы з работнікамі прадпрыемстваў, арганізацый асаблівая ўвага надавалася выкананню патрабаванняў заканадаўства аб бяспечным выкананні работ, былі прыведзены выпадкі траўміравання на вытворчасці, у тым ліку і ў сельгасарганізацыях.

Так, падчас рэзкі металаканструкцый атрымаў цяжкую траўму левай нагі 42-гадовы трактарыст-машыніст СВК імя Дзяншчыкова Гродзенскага раёна. З-за невыканання патрабаванняў аховы працы каўшом пагрузчыка “Амкадор” быў траўміраваны механізатар СВК “Маяк-Заполле” Карэліцкага раёна. Падчас рамонту збожжаўборачнага камбайна атрымаў траўму 18-гадовы слесар ААТ “Шчорсы” Навагрудскага раёна. У гэтым матэрыяле прыведзены толькі некалькі выпадкаў траўміравання, а іх было значна больш. Сёлета за 9 месяцаў ў Гродзенскай вобласці на вытворчасці загінулі 12 і 49 работнікаў атрымалі траўмы.

У абласны дзень аховы працы разам са старшынёй райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Віталем Івашкам, галоўным інжынерам па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Арыем Ракам накіраваліся ў СВК “Солы”. У гэтай гаспадарцы таксама быў няшчасны выпадак – на мехстане “Кушляны” падчас рамонту трактара загінуў малады механізатар.

Тады ў рамонтнай майстэрні выявілі шэраг парушэнняў патрабаванняў па ахове працы, таму цяпер, калі пацікавіўся аб рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі ў Кушлянах, інжынер па ахове працы СВК “Солы” Анастасія Нямарская і яе старэйшы калега з сельгасупраўлення Арый Рак адказалі, што ў кушлянскай майстэрні ніхто ўжо не рамантуе тэхніку. Забаронена. У гэтым населеным пункце выкарыстоўваецца толькі палявы стан. На той выпадак, калі на кушлянскіх палетках выконваюцца сельскагаспадарчыя работы. Тады тэхніку пакідаюць там нанач. На палявым стане кругласутачна дзяжурыць вартаўнік. Калі падчас выканання работ сапсуецца трактар ці камбайн, то ў гаспадарцы ёсць мабільная рамонтная брыгада. Не ўдасца ёй ухіліць няспраўнасць – тады тэхніку буксіруюць на мехстан “Солы”.

На сольскім мехстане ў вочы адразу ж кінуліся збожжаўборачныя камбайны. Яны стаялі пад навесам, пачышчаныя, змазаныя пасля ўборачнай кампаніі, з пабеленымі коламі. За дзень да нашага прыезду тут пабывала абласная праверка па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне, вядома ж, і ў іншых гаспадарках раёна. Потым была праведзена калегія, у якой удзельнічалі прадстаўнікі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, інжынерная служба райсельгасупраўлення.

Анастасія Нямарская працуе на пасадзе інжынера па ахове працы крыху больш за год. Трапіла ў СВК “Солы” па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сама родам з Карэліцкага раёна. Маці хацела, каб дачка вывучылася на ўрача, але дзяўчыне ў школе лягчэй даваліся дакладныя прадметы, таму яна вырашыла, што будзе інжынерам.

Універсітэт даў Анастасіі Нямарскай тэарэтычны багаж ведаў, але ў яе не было  практычнага вопыту. Дапамагала старэйшая калега  Людміла Тумаш, якая і цяпер працуе на 0,5 стаўкі інжынерам па ахове працы і з’яўляецца інспектарам аддзела кадраў. Слушныя парады дае маладому спецыялісту галоўны інжынер па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Арый Рак.

Інжынер па ахове працы Анастасія Нямарская інструктуе трактарыстаў, вадзіцеляў, жывёлаводаў на фермах. Прызналася, што жывёлагадоўля для яе - найбольш складаны ўчастак работы, бо яна не спецыяліст у гэтай галіне, лепш разбіраецца ў тэхніцы, кантралюе выкананне работнікамі гаспадаркі патрабаванняў па ахове працы. Калі бачыць, што нехта парушае працоўную дысцыпліну, то сварыцца, іншым разам піша дакладныя запіскі на імя кіраўніка гаспадаркі, які прыцягвае вінаватага да дысцыплінарнай адказнасці.

Зіма для механізатараў – перыяд рамонту, падрыхтоўкі тэхнікі да новага сезона. На мехстане “Солы” падчас нашага прыезду таксама выконваліся рамонтныя работы. Парушэнняў аховы працы не заўважылі. Трактарыст Аляксандр Чабатуль прыкручваў да рухавіка, які прывезлі з капітальнага рамонту, шчапленне. Рухавік быў зафіксаваны лябёдкай кран-бэлькі. Трактару 16 гадоў, і каб ён не падвёў у наступным годзе падчас вясення-палявых і іншых работ, Аляксандр Чабатуль усё дасканальна правярае, адрамантаваў каробку пераключэння перадач, функцыянаванне якой апошнім часам не задавальняла механізатара.

Уся тэхніка адразу не памесціцца ў майстэрні, таму яе рамантуюць па чарзе. Зімою мала работы для механізатараў - яны ў гэты час змогуць пабываць у водпуску. Падменены будуць і трактарысты, якія працуюць на фермах – падвозяць салому, раздаюць кармы.

На мехстане “Солы” ёсць гардэроб, душавая, у якой цяпер выконваецца касметычны рамонт, памяшканне для харчавання механізатараў. Але, як адзначыў старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Віталь Івашка, асаблівасць гэтага мехстану ў тым, што непадалёку ад яго знаходзіцца кафэ, у якое і ходзяць абедаць механізатары.

У СВК “Солы” гатуюць абеды круглы год. Зімою 40 абедаў развозяць па трох фермах – “Кавалі”, “Солы” і “Рудзішкі”. Абеды бясплатныя для тых работнікаў, якія не маюць заўваг. Калі ёсць парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны, то тады кіраўніцтва гаспадаркі можа прыняць рашэнне, каб нядобрасумленныя работнікі плацілі 10-20-30, а то і 50 працэнтаў ад кошту абедаў на працягу месяца ці двух. Па словах Віталя Івашкі, гэта дысцыплінуе работнікаў.



Комментарии (0)Просмотров (12917)