Рамантык з дыпломам агранома

16.11.2019
Фота Юрыя Сташкевіча нярэдка трапляла на старонкі газеты “Светлы шлях”, паколькі ладзіліся справы ў раслінаводстве, за якое ён адказваў як галоўны аграном. Ды і з кіраўніком гаспадаркі Вольгай Лук’яненкай было паразуменне, працавалі ў тандэме, што таксама садзейнічала поспехам у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Не дарэмна КСУП “АграСолы” – адна з лепшых гаспадарак раёна.

Юрый Эдуардавіч з вясны і да глыбокай восені пастаянна прападаў на палях і лугах. Пасяўная, нарыхтоўка зялёных кармоў, уборка збожжавых культур, караняплодаў. Мала нешта пасеяць ці пасадзіць, трэба яшчэ дагледзець – своечасова падкарміць расліны, прапалоць, абараніць ад шкоднікаў. Толькі тады можна атрымаць добры ўраджай.

“Дома амаль не бываў. Не заўважыў, як выраслі дзеці. Каб не забыць аблічча жонкі, вазіў зсабою яе фота”, - з усмешкай кажа Юрый Сташкевіч пра фотакартку, вядома ж, жартоўна. Хаця на самай справе работа забірала ў гэтага энергічнага, вясёлага і дабрадушнага мужчыны нямала сіл і часу. Паколькі раслінаводчая прадукцыя вырошчваецца пад адкрытым небам, то поспех напрамую залежыць адкапрызаў надвор’я. Вось і круціся, аграном, думай, як не страціць ураджай.

З 60 гадоў жыцця 42 Юрый Сташкевіч аддаў працоўнай дзейнасці. З іх 4 пяцігодкі адпрацаваў галоўным аграномам. А пачынаў з самай радавой прафесіі.

Сам сольскі. Скончыў мясцовую сярэднюю школу, паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якая знаходзіцца ў Горках Магілёўскай вобласці. Але, прызнаўся, не склалася з вучобай. Вярнуўся дамоў, пайшоў працаваць паляводам. Потым падаў дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Пасля яго заканчэння мужчына працаваў старшым аграномам, аграномам участка.

“Жыццё кідала мяне, як вецер асенні ліст, - прыгадаў мінулае Юрый Эдуардавіч. – Я быў і намеснікам дырэктара Сольскага гародніннасушыльнага завода, і старшынёю кааператыва. 7 гадоў свайго жыцця аддаў рыбгасу. А з 1999 года - работнік сельскай гаспадаркі. Галоўны аграном, намеснік дырэктара саўгаса, намеснік старшыні калгаса. Апошнім часам працаваў галоўным аграномам у КСУП “АграСолы”.

Як ні дзіўна, але ў душы Юрый Сташкевіч рамантык. Гэта вынікала з яго аповеду. “А яшчэ ён паэт”, - сказала ідэолаг і па сумяшчальніцтве старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “АграСолы” Наталля Куніцкая. - Піша вершы”.

Адзін з іх пра камбайн, які плыве ў моры каласоў, пра душу, якая спявае, а сэрца плача прачытаў гаспадар.

А яшчэ Юрый Эдуардавіч любіць чытаць кнігі, больш пра вялікіх людзей, іх успаміны пра сваё жыццё. Цяпер ён захоплены кнігай “Георгій Жукаў: узлёты і падзенні”. Чаму Юрый Сташкевіч выбраў сельскагаспадарчую прафесію? Па-першае, ён нарадзіўся ў вёсцы. Па-другое, яго бацькі працавалі ў калгасе. Маці – 35 гадоў галоўным заатэхнікам. Ад іх перадалася сыну любоў да зямлі і жывёлы. І калі нямала людзей цяпер думае, як купіць сабе аўтамабіль, Юрый Эдуардавіч марыць толькі пра каня, стройнага, пародзістага.

“Які танцаваў бы пада мной, калі б я сеў на яго”.

З юбілеем Юрыя Эдуардавіча павіншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка і Наталля Куніцкая. Юбіляру быў уручаны падарунак.


Віталь ІВАШКА і Наталля КУНІЦКАЯ (справа) віншуюць юбіляра Юрыя СТАШКЕВІЧА

Комментарии (0)Просмотров (19111)