Сярэбраны медаль Сольскаму рыбгасу

26.10.2015

На падставе рэйтынгу прадпрыемстваў – лідараў эканомікі Рэспублікі Беларусь адкрытае акцыянернае таварыства “Рыбгас Солы” ўзнагароджана насценным сярэбраным медалём “Лідар галіны” і сертыфікатам з прысваеннем ганаровага звання “Лідар галіны-2013”. Пераможца вызначаўся па суме чатырох паказчыкаў гаспадарча-фінансавай дзейнасці: маштабы вытворчасці, прыбытак ад асноўнай вытворчай дзейнасці, эфектыўнасць вытворчасці, сацыяльная эфектыўнасць і прыцягальнасць прадпрыемства. Агульнадзяржаўная рэйтынгавая праграма падтрымліваецца міжнародным саюзам нацыянальных бізнес-рэйтынгаў.



Вось такі аднагадовы карп, што змясціўся на далоні Марыі Бурак. А да таварнага выгляду яму яшчэ два гады расці.

Дырэктар Сольскага рыбгаса Марыя Пятроўна Бурак – чалавек насамрэч улюбёны ў прафесію, адданы сваёй працы, адказны і дбайны. Яна можа гадзінамі расказваць аб практыцы рыбаводства, выкарыстанні інтэнсіўных тэхналогій, кіраванні гідрахімічным і гідрабіялагічным рэжымамі ставаў, у якіх вырошчваюцца таварная рыба і так званы пасадачны матэрыял.

 

Удзельнікам нядаўняга Дня сельсавета ў Солах Марыя Пятроўна апавядала пра рэчы, аб якіх мала хто ведае. Напрыклад, пра тое, як доўга вырошчваецца карп, перш чым трапіць на прылаўкі магазінаў. Для многіх было ў навіну пачуць, што таварнага выгляду гэта рыба дасягае толькі на трэці год свайго жыцця ў вадаёме. А за гэты час малькам пагражаюць шматлікія непрыемнасці і праблемы. Напрыклад, недахоп кіслароду ў вадзе, хваробы, драпежныя птушкі. Гэта толькі недасведчаны і далёкі ад рыбаводства чалавек можа падумаць, гледзячы на спакойную гладзь вадаёмаў, што асаблівай работы тут і няма: растуць сабе рыбкі паціху, набіраюць грамы прывагі… А іх і пакарміць трэба, і прафілактыку супраць захворванняў правесці, і сачыць, каб не трапіў у сажалкі які бруд.
Такім чынам, купляючы ўвосень жывога карпа, таўсталобіка ці амура, не здзіўляйцеся цэнам на яго. Паверце, выгадаваць гэту рыбу каштуе затрат вельмі вялікіх і намаганняў дбайных.


Комментарии (1)Просмотров (479)
sotoby 05.06.2016 в 20:14

О,как выглядят мальки рыбы)