У КСУП “Агра-Солы” Смаргонскага раёна прайшоў семінар па вырошчванні гібрыдаў кукурузы

23.09.2018
13 верасня ў КСУП “Агра-Солы” на полі за аграгарадком прайшоў семінар па вырошчванні кукурузы. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, галоўныя аграномы  Ашмянскага, Астравецкага і Смаргонскага раёнаў, спецыялісты сольскай агранамічнай службы, прадстаўнікі фірмаў “Сангента” і “Салвэй Лімітэд”, якія займаюцца селекцыйнай работай, стварэннем, апрабаваннем і продажам розных гібрыдаў кукурузы.

З уступным словам перад прысутнымі выступіла дырэктар КСУП “Агра-Солы” Вольга Лук’яненка. Яна адзначыла, што пры надойванні ў гаспадарцы каля 7 тысяч літраў малака на адну карову трэба пастаянна думаць аб добрай кармавой базе. І хаця ўвага надаецца вырошчванню люцэрны, травяных кармоў, асноўнай культурай па-ранейшаму застаецца ўсё ж кукуруза.

У гаспадарцы вырошчваюць больш за 15 гібрыдаў гэтай культуры французскай, украінскай і беларускай селекцыі. Кукуруза была пасеяна вясною на плошчы 1200 гектараў. На ўсіх палях праводзіліся доследы па кожнаму гібрыду. “ І трэба адзначыць, што вынікі атрымаліся нядрэнныя, паколькі гэты год – кукурузны, - сказала Вольга Іванаўна. - Але асаблівы, і розныя гібрыды кукурузы паводзілі сябе па-рознаму. Некаторыя з іх  паспелі раней тэрміну, але цяпер амаль усе, ад ранніх да позніх гібрыдаў кукурузы, якія знаходзяцца на палях, практычна гатовы да ўборкі”.



Перад удзельнікамі семінара выступае з уступным словам дырэктар КСУП “Агра-Солы” Вольга ЛУК’ЯНЕНКА.

Вольга Лук’яненка звярнула ўвагу прысутных на тое, што пры вырошчванні кукурузы павінна строга выконвацца тэхналогія, уносіцца ў поўным аб’ёме неабходныя мінеральныя ўгнаенні, добра апрацоўвацца глеба, выкарыстоўвацца спецыяльныя сеялкі дакладнага высеву. І хаця ў КСУП “Агра-Солы” няўхільна выконваюць тэхналогію вырошчвання кукурузы, але сёлета былі заўважаны іншыя праблемы: гэту культуру не абмінулі шкоднікі і хваробы.  Прычым, як ні дзіўна, розныя гнілі нядрэнна развіва-юцца на лёгкіх глебах нават у засушлівых умовах.

Удзельнікі семінара аглядаюць кукурузу.

 

 


Аб кукурузе расказвае прадстаўнік фірмы “Сінгента”.


Прадстаўніца “Салвэй Лімітэд” звяртае ўвагу прысутных на гібрыды кукурузы, насенне якой пастаўляе гэта фірма.


Удзельнікі семінара аглядаюць кукурузу.


Дырэктар КСУП “Агра-Солы” Вольга Лук’яненка з кукурузнымі пачаткамі.

На думку кіраўніка гаспадаркі, нягледзячы на сёлетняе спякотнае лета з рэдкімі дажджамі, пры добрай агратэхніцы ўраджайнасць будзе каля 500 ц/га. Кукуруза вырасла лепшая, чым у мінулыя гады. Але па вазе лягчэйшая, бо адбылося падсыханне ніжніх лісцяў, што паўплывае на якасць корму. А вось зерне апраўдала надзеі спецыялістаў агранамічнай службы. Яго таксама неабходна выкарыстоўваць у рацыёне дойнага статку для атрымання прыбаўкі малака, паколькі ў зерні захоўваецца больш пажыўных рэчываў. Аднак калі яно не раздроблена, то карысці ад яго выкарыстання мала. Таму вялікае значэнне мае тэхналогія ўборкі кукурузы.

 

У КСУП “Агра-Солы” на кормаўборачных камбайнах памянялі ўсе барабаны для здрабнення кукурузнага зерня. На ўборцы гэтай культуры працуюць тры кормаўборачныя камбайны, за штурваламі якіх знаходзяцца старанныя механізатары Віталь Феліў, Міхаіл Мажэйка і Віталь Стурліс. На падвозцы задзейнічаны 12-14 адзінак грузавой тэхнікі.

У гаспадарцы ўжо ўбрана значная частка кукурузы. Да канца гэтага месяца тут плануюць скончыць уборачныя работы. І, як адзначыла Вольга Лук’яненка, сёлета гаспадарка будзе з кармамі. Для іх закладкі ёсць сіласныя траншэі. На запаўненне кожнай з іх вызначаны два дні. У адваротным выпадку пагаршаецца якасць корму.

Трэба адзначыць, што ў “Агра-Солах” сіласныя траншэі пабудавалі значна раней указання кіраўніка краіны аб тым, каб у кожнай гаспадарцы былі належныя ўмовы для захоўвання кансерваваных кармоў.

Комментарии (0)Просмотров (27)