Вершы Дукса Мар'яна - Апошнія водгукі 10-12

06.08.2017

За пяці хвілін...

Пакуль трымаўся незалежна ў часе
і часу новы не прабіў адлік,
пакуль з табой сустрэча не збылася,
я мог спакойна сесці на цягнік.

Памчаць, паехаць — клікала дарога.
Наведаць сябра, што мяне любіў,
Пайсці дамоў... Hi гэтага, ні тога
у момант той чамусьці не зрабіў.

Я мог у рай ці ў пекла акунуцца,
але сысці адсюль за тры вярсты...
Ну што мяне прымусіла вярнуцца
на тое месца, дзе стаяла ты?

Я да цябе зрабіў мо дзесяць крокаў.
I ў той жа міг з грудзей пачуўся стук,
што азначала: шчасце недалёка —
пара ўтрапення і пачатак мук.

Як адчыняе ўсе дарогі насцеж,
як весела са мной гуляе лёс,
нібы тыран — за пяць хвілін да шчасця,
як добры маг — за пяць хвілін да слёз...
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/za-pyatsi-khvilin


Канцы з канцамі ледзьве зводзіць лета...

Канцы з канцамі ледзьве зводзіць лета —
няўжо прырода гэткая скупая?
To луг травою буйнай не адзеты,
то пчолам мёду ў кветках не хапае.

Выходзіць, зноў яна не дадала
заранак, палахлівых і ружовых,
такога запаветнага цяпла,
грымотаў і дажджоў своечасовых.

У поўнай меры ягад і грыбоў,
здаецца, зноў яна не адпусціла, —
у нашую не верачы любоў,
свае ліміты рэзка скараціла...

Перачытваючы «Узнятую цаліну»

Няма жадання патураць бядзе.
Бядзе, якую спарадзілі людзі.
Дзе зайздрасць ёсць,
там літасці не будзе.
Плач горкі — «раскулачванне» ідзе.

Прадстаўнікі сялянства і улад,
сярдзітыя — няхай іх бог бароніць –
якраз паспелі куфар распатроніць,
ануч сямейных выкінулі шмат.

Вярхоўны суд ім сёння па плячы
над хутарской жанчынай-чужаніцай —
сцягнуць з яе ўсе лішнія спадніцы,
тым самым яшчэ болей дапячы!

Хаця казачкі той уся віна,
і ад чаго сваё начальства ў гневе:
хлеб на стале і два быкі у хлеве,
адрэз сукна і трубка палатна.

Сляпая бура круціць не на жарт
усё нутро заклеймаванай хаты.
Зляжалы пыл да сталявання ўзняты,
хістае сцены несусветны гвалт.

Б'е гэта ўсё па сэрцы і вачах,
удалячынь ляціць мая нязгода.
Мне так дзяцей, дзяцей маленькіх шкода,
што сцяліся пужліва па кутках.

A іх якой жа аблажыць віной?
Як растлумачыць мне старэйшым вучням?
Маўчыць салідна сённяшні падручнік,
які, вядома, складзены не мной.

Спрабуй прыдумаць, па якой шкале
мне апраўдаць усё былое глупства,
каб не закрэсліць чалавекалюбства
у колішняй эпохі на стале.
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/perachytvayuchy-%C2%ABuznyatuyu-tsalinu%C2%BB


Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/kantsy-z-kantsami-ledzve-zvodzits-leta

Комментарии (0)Просмотров (5)